четверг, 11 февраля 2021 г.

Учебный предмет «Белорусская литература» Васіль Быкаў “Жураўліны крык”. Чалавек і вайна VIII класс

 

Учебный предмет

«Белорусская литература»

Васіль Быкаў “Жураўліны крык”. Чалавек і вайна

VIII класс

Балукова Людмила Ивановна,

учитель бедорусского языка и литературы,

I квалификационная категория

Тэма. Васіль Быкаў “Жураўліны крык”. Чалавек і вайна

Мэта. Садзейнічаць адчуванню і разуменню вучнямі трагічнасці і велічнасці

лёсу герояў аповесці.

Задачы:

- развіваць уменне аналізаваць, рабіць высновы;

- развіваць звязнае маўленне;

- выхоўваць імкненне да самавыхавання.

Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка (інтэрактыўная дошка), прэзентацыі (1,2)

Падрыхтоўчая работа: у якасці дамашняга задання вучням трэба было:

прачытаць твор;

скласці цэнтон на тэму “Вайна”;

Афармленне ўрока: партрэт пісьменніка;

выстава кніг;

Эпіграфы: 1. Расказваю пра вайну таму, што ненавіджу яе.

В.Быкаў

2. Загінеш— і ведаць не будуць

пра цябе нічога сябры.

Загінеш— і ведаць не будуць

маці, жонка, бацька стары.

Але волі няма вышэйшай

за абраную ў гэтым жыцці.

Але долі няма вышэйшай,—

Аднаму на тысячы йсці.

У.Караткевіч

Ход урока

І. Уступнае слова настаўніка

Слайд 1

  • Сёння на ўроку мы зробім крок да нашай гістарычнай памяці. Каб стварыць будучае, трэба помніць мінулае. Кажуць, новая вайна будзе, калі народзіцца пакаленне, якое забудзе, што такое вайна. Таму сёння мы зноў гаворым пра вайну. Але гэта не проста ўрок – гэта наша маленькая часцінка памяці. Яго мы прысвячаем памяці В.Быкава, памяці вашых дзедаў, прадзедаў, усіх тых, хто бачыў вайну, ваяваў, перажыў яе.

ІІ. Праверка дамашняга задання

  1. Цэнтон. (Вучні зачытваюць свае цэнтоны).

З мэтай абудзіць цікавасць да літаратуры шляхам прэзентацыі сваіх

цэнтонаў.

Слайд 2

  1. З біяграфіі В.Быкава

З мэтай абагуліць і асэнсаваць веды пра жыццё і творчасць В. Быкава

Звярніце ўвагу на першы эпіграф да нашага ўрока: “Расказваю пра вайну таму, што ненавіджу яе. В.Быкаў”. Для таго, каб зразумець аўтара, трэба ведаць, чым ён жыў, якія выпрабаванні пераадолеў. Што вам вядома пра нашага геніяльнага творцу, нам дапаможа вызначыць наступная работа. (Прэзентацыя 1)

Слайд 3-7

Перад вамі выявы з жыцця і творчасці Васіля Быкава. Узнавіце іх, калі ласка, успамінаючы матэрыял мінулых ўрокаў.

  1. Вызначэнне жанру твора (прыём “Ланцужок”: ланцужок не павінен разарвацца, усе вучні класа павінны даць свой адказ)

Па ланцужку акрэслім, што ў жанравых адносінах “Жураўліны крык” – гэта …

  • аповесць;

  • аповесць – гэта адзін з асноўных жанраў эпічнай літаратуры;

  • яна значна большая за апавяданне;

  • сюжэт яе складаецца з некалькіх эпізодаў, звязаных з жыццём аднаго або некалькіх герояў;

  • сюжэт аповесці больш складаны, чым сюжэт апавядання;

  • у аповесці расказваецца пра адзін чалавечы лёс, але ён цесна звязаны з лёсам іншых людзей.

  • Аповесці В. Быкава маюць свае асаблівасці:

  • па-першае, абмежаваная колькасць герояў;

  • у “Жураўліным крыку” іх шэсць – старшына Карпенка,

  • Фішар;

  • Віцька;

  • Свіст;

  • Глечык;

  • Аўсееў

  • Пшанічны;

  • па-другое, кароткая часавая прастора;

  • у “Жураўліным крыку” – суткі;

  • па-трэцяе, праблема выбару;

  • у герояў заўсёды ёсць магчымасць выбраць: стаць здраднікам ці застацца сумленным чалавекам;

  • па-чацвёртае, спалучэнне трагічнага і гераічнага;

  • гінуць усе галоўныя героі і большасць з іх – сапраўдныя героі, якія паклалі сваё жыццё на карысць Радзіме, роднай зямлі;

  • па-пятае, праўдзівы паказ жыцця;

  • В.Быкаў бачыў на свае вочы вайну і, перажыўшы ўвесь яе жах, мог пісаць толькі праўду.

Слайд 8

Такім чынам, асноўным жанрам В.Быкава была малафарматная аповесць з абмежаваным прасторава-часавым і падзейным разваротам, з нешматлікай колькасцю дзейных асоб. Не панарамны паказ вайны, а паглыбленне ў псіхалогію чалавека на вайне хвалююць аўтара.

Пацверджаннем гэтага будуць словы Дзмітрыя Бугаёва:

“Жураўліны крык – першы ва ўсіх адносінах тыповы для Васіля Быкава твор. У ім выразна заўважаюцца характэрныя рысы быкаўскай аповесці, такія як скандэнсаванасць дзеяння на невялікай прасторы і ў абмежаваным па сваёй працягласці часе, сканцэнтраванасць аўтара на невялікім коле герояў, перш за ўсё звычайных, радавых удзельнікаў вайны, праўдзівасць ва ўсім яе адлюстраванні”.

Героямі ўсіх твораў Быкава з’яўляюцца простыя людзі, салдаты, а не палкаводцы. Яны воляй лёсу ўзялі зброю, каб абараняць сваю Радзіму.

- Чаму менавіта простыя салдаты – героі быкаўскіх твораў? (Бо менавіта яны здабывалі перамогу кожны дзень, кожную хвіліну. Вайна складаецца не з вялікіх баталій, а з маленькіх высотак і перамог, якія кожны дзень набліжалі да перамогі салдаты і праяўлялі свой гераізм)

ІІІ. Сістэматызацыя ведаў па змесце аповесці

З мэтай сістэматызаваць веды па змесце аповесці.

1. Скончы фразу:

- Дзеянне аповесці адбываецца … (восенню 1941 года пад Смаленскам)

- Савецкія войскі … (адступалі)

- Шасцёра салдат атрымала заданне … (затрымаць немцаў на суткі, каб

даць магчымасць батальёну адступіць )

- Камандзірам быў прызначаны … (старшына Карпенка)

- Ён быў не задаволены … (байцамі і адсутнасцю рыдлёвак)

Байцоў і зброі было мала, сілы няроўныя, але ж заданне камбата было…

(выканана)

- Усе героі аповесці… (загінулі)

Самі бачым, што сюжэт аповесці просты і складаецца з аднаго эпізода: група людзей пакінута на чыгуначным пераездзе, каб на суткі перакрыць дарогу ворагам. Але ў аповесці падаецца шэраг чалавечых лёсаў, характараў.

Слайд 9

Сам Быкаў пісаў: “І не ў маім гусце…даследаваць вялікія бітвы. Мая задача куды больш сціплая: мне дастаткова для таго, каб выказаць тое, што я хачу, маленькага бою на працягу адных сутак за якую-небудзь безыменную вышыньку з ручаём, бо, як я думаю, там адбывалася ўсё тое ж самае, што, скажам, і ў вялікай бітве, толькі ў меншых памерах”. Якім чынам аўтар дасягае гэтага паказу?

Вайна, шлагбаум,

Шасцёра і дарога,

У халоднай шэрай ростані трывога,

Адзін загад і пераезд адзін…

Стрымаем суткі, немцам не дадзім!

2. Вызначэнне асаблівасці стылю пісьменніка

З мэтай вызначэння асаблівасці стылю пісьменніка.

1. Які мастацкі прыём выкарыстоўвае аўтар, каб дакладна перадаць напружаную атмасферу падзей, усёабдымную трывогу навіслай бяды? (Пейзаж – апісанне прыроды ў літаратурным творы). Зачытайце ўрывак.
Там, у полі, куды яны невясёла ўглядаліся, высіўся касагор з дарогай, ля якой траслі пажоўклым лісцем дзве вялізныя каржакаватыя бярозы, і за ім, дзесьці на даляглядзе, заходзіла нябачнае сонца. Вузенькая шчылінка святла, прарэзаўшыся ў хмарах, як лязо вялізнае брытвы, матава блішчала на небе. Сумны восеньскі адвячорак поўніўся шэрасцю фарбаў, надакучлівай сцюдзёнай золлю і ўсёабдымнай трывогай навіслай над краем бяды”.

Нам становіцца зразумелым, што нічога добрага не чакае нашых герояў, будзе бяда…
2. Якім спосабам Быкаў знаёміць нас са сваімі героямі, раскрывае іх характары, выяўляе свае адносіны да іх, паказвае прычыну іх ўчынкаў, іх маральнага выбару на вайне?(В.Быкаў звяртаецца да мінулага сваіх герояў, каб асвятліць чалавека знутры, дакапацца да скрытых спружын і матываў яго паводзін і ўчынкаў, каб паказаць вытокі мужнасці і гераізму, трусасці і подласці).

Гэта кампазіцыйная будова твора называецца рэтраспектыва.

Запіс у літаратурны сшытак

Рэтраспектыва – погляд у мінулае, прагляд таго, што было ў мінулым.

Фізкультхвілінка

(Прэзентацыя 2 – “Вайна вачыма дзяцей” пад песню анс. “Песняры” “Было ў салдата два полі”)

- З лёсам якіх герояў знаёмімся мы ў аповесці?

3. “Пазнай героя па апісанні”

З мэтай даследавання вытокаў духоўнага ўзыходжання адных і падзення другіх у аднолькавых абставінах.

1. “...Нялёгкае было жыццё сялянскага хлопца. Адслужыўшы тэрміновую памочнікам камандзіра ўзвода, ён застаўся яшчэ і год з дзесяць служыў старшыной роты... І ўсё ж да мірнага працоўнага жыцця яго вельмі цягнула... Але распачалася вайна з фінамі. На ёй давялося сербануць ліха, яго параніла, пасля ён атрымаў баявы медаль і ўрэшце звольніўся ў запас...” (Карпенка)

2. “Вучыўся ён не блага, разумеў і любіў матэматыку, і пасля сямігодкі падаў дакументы ў настаўніцкі тэхнікум. Ён чакаў экзаменаў, чакаў і марыў, бачыў у сваім студэнцтве адзіны выхад з таго ліха, у якое загнала яго жыццё. Але на экзамены яго не выклікалі…” (Пшанічны)

3. “Апынуўшыся ў войску, ён адчуў сябе белай варонай, няўмекам,самым няўдалым з усіх у гэтай грамадзе разнастайных людзей”. (Фішар)

4. “Вайсковае ж вабіла яго рамантыкай жыцця і прыгажосцю формы...і за год да вайны ён стаў курсантам ваеннага вучылішча. Але сталася так, што з першых дзён свайго вайсковага жыцця ён адчуў расчараванне”. (Аўсееў)

5. “Ну, тут разгарэлася мая фантазія, захапіўся я фота… Абрыдла фота, купіў байдарку, і ўвечары, у выхадныя – на Волзе. О, гэта я любіў. Відаць, душа такая: заўсёды на прастор лезе”. (Свіст)

6. “У людскіх нягодах вялікае буры растварылася хлопцава крыўда і засталося толькі балючае усведамленне ўласнай несправядлівасці да маці, якая так яго любіла”.(Глечык)

ІV. Творчасць

  1. Алітэрацыя імені”

Карпенка: камандзір, кампетэнтны, крыклівы, клапатлівы;

Фішар: флегматычны; філосаф;

Глечык: горкі лёс, герой, гаворыць мала;

Свіст: спрытны, саратаўскі (родам з Саратава), справядлівы, спачувае;

Аўсееў: арыстакрат, аднаасобнік;

Пшанічны: павольны, пульхны, памяркоўны, пакрыўджаны;

2. “Гасцініца”

- Уявіце сябе адміністратарам гасцініцы. Вам трэба размясціць герояў аповесці так, каб усім было зручна і камфортна. Ёсць тры свабодныя нумары: аднамесны, двухмесны і трохмесны. Вашы прапановы?

(аднамесны – Карпенка; двухмесны– Аўсееў і Пшанічны; трохмесны – Свіст, Глечык, Фішар)

  • Абгрунтуйце свае прапановы.

Такім чынам, вы размеркавалі герояў па іх статусе ў атрадзе і ў адпаведнасці з тым выбарам, які яны робяць, апынуўшыся ў складаных, нават экстрэмальных абставінах.

3. Трагічнае і гераічнае ў мастацкім творы

Вызначэнне трагічнага і гераічнага ў аповесці “Жураўліны крык”.

Запіс у літаратурны сшытак.

Трагічнае – эстэтычная катэгорыя, у якой выяўляюцца цяжкія пакуты, перажыванні асобы, звязаныя з вострымі сутыкненнямі яе з варожымі сіламі, што заканчваецца гібеллю героя. Аднак гібель не кожнай асобы мы ўспрымаем трагічна, а толькі той, што мае важнае станоўчае значэнне для людзей.

* Вызначце трагічнае ў аповесці В.Быкава “Жураўліны крык”.

Гераічнае ў творах Быкава выяўляецца праз сцвярджэнне годнасці асобы, яе здольнасці да самаахвяравання ў імя высокіх ідэалаў. Героікай вызначаюцца яго героі, якія пераадольваюць інстынкт самазахавання, не баяцца небяспекі і ворагаў, з годнасцю прымаюць смерць.

V. Рэфлексія

Давайце прачытаем эпіграф (2) да ўрока і акрэслім, як у гэтых радках праяўляецца сутнасць гераічнага і трагічнага, звязаўшы адказ са зместам твора В.Быкава “Жураўліны крык”.

VІІ. Выстаўленне адзнак

VІІІ. Дамашняе заданне (па варыянтах)

Баец Алік Аўсееў

Вайна - гэта цяжкае і жорсткае выпрабаванне для кожнага чалавека. I як заўсёды ў экстрэмальных умовах, на вайне асабліва востра перад чалавекам стаіць праблема маральнага выбару. Праблема здрады. Выбар ідзе паміж жыццём і смерцю. Кампрамісу не бывае. Да адзіна правільнага чалавечага рашэння трэба рыхтавацца ўсё папярэдняе жыццё. Алік Аўсееў аказаўся не падрыхтаваным да смерці, бо ўсё яго ранейшае жыццё – гэта ланцуг дробных і буйных здрада сабе і сябрам.

Падумайце і запішыце, чаго, на вашу думку, не хапала Аліку Абсеву для таго, каб стаць сапраўдным чалавекам?

Баец Васіль Глечык

Васіль Глечык, седзячы ў салдацкім халодным акопе, моцна перажываў за сваю маці. Шмат непаразумення засталося паміж імі. Хлопцу прыкра, бо ён замінаў шчасцю самага любімага і дарагога чалавека на зямлі. Падумайце, што мог сказаць Васіль сваёй маці, калі б у яго была магчымасць сустрэцца з ёй за дваццаць хвілін да свайго апошняга бою? Паспрабуйце напісаць ад імя Васіля Ленчыка ліст да яго маці. Скарыстайце прапанаваны пачатак.

Дзень добры, мама!

Як горка і балюча мне ў гэтыя хвіліны! Як многа хочацца табе сказаць! Кінуцца ў ногі, прасіць прабачэння - гэтага ўсяго будзе мала. Любая мама, кожны дзень я прыгадваю …

Баец Віцька Свіст

Паразважайце, чаму ў такі складаны для байцоў час Вінцука Свіст жартуе, смяецца? Ці трэба шмат мужнасці для гэтага? Перагледзьце ўважліва старонкі, звязаныя з жыццём В. Свістам. Як склалася б далейшае жыццё Свіста, каб ён перажыў вайну. Знайшлося б яму месца ў мірным жыцці ці яго чакаў лёс Пшанічнага? Абгрунтуйце свае думкі.

Баец Карпенка.

Выпішыце думкі Карпенкі пра кожнага з байцоў. Паразважайце, як характарызуюць гэтыя выказванні самога старшыну.

Баец Іван Пшанічны.

Уявіце сабе, што вы выступаеце на своеасаблівым працэсе – судзе над Іванам Пшанічным – у якасці яго адваката. Запішыце коратка тэзісы свайго выступлення.

Баец Барыс Фішар.

Уявіце сабе, што вы скульптар, якому зрабілі заказ на помнік байцу Фішару, што па-геройску загінуў у Вялікую Айчынную вайну, забіўшы ўсяго аднаго немца. Апішыце, як будзе выглядаць помнік, падумайце, які надпіс вы б высеклі на ім

Комментариев нет:

Отправить комментарий